ЛЫ́ЖНЫЯ ГО́НКІ,

скарасны бег на лыжах, від лыжнага спорту. Праводзяцца на перасечанай мясцовасці, у мужчын на 10, 15, 30, 50 і 70 км, эстафета 4 х 10 км; у жанчын на 5, 10 і 20 км, эстафета 4 х 5 км.

Першыя спаборніцтвы па Л.г. праведзены ў 1767 (Нарвегія) на дыстанцыі 4 мілі (6,4 км). У Расіі адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург) на дыстанцыі ​1/4 вярсты (0,27 км).

Першыя спаборніцтвы па Л.г. на Беларусі прайшлі ў 1920 (г. Віцебск) і ў 1921 (Мінск, гонка на 5 вёрст). У 1926 адбылася Усебел. лыжная эстафета па гарадах БССР. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1926, зімовыя спартакіяды, у праграме якіх ёсць Л.г., — з 1962. З 1969 разыгрываецца Кубак Беларусі. Бел. спартсмены па Л.г.: Р.Ачкіна — бронз. прызёр X Алімп. гульняў (1968, г. Грэнобль, Францыя), чэмпіёнка свету ў эстафеце (1966), чэмпіёны СССР — В.Камоцкі, С.Сяргееў, Т.Маркашанская, сярэбраныя прызёры зімняй Сусв. універсіяды (1999, Славакія) у эстафеце Я.Амосенка, С.Далідовіч, М.Семяняка, А.Трагубаў.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)